АКІСЛЕ́ННЕ МЕТА́ЛАЎ,

рэакцыя злучэння металаў з кіслародам з утварэннем аксідаў; рэакцыя, у якой атамы металу страчваюць электроны і ўтвараюць розныя злучэнні (сульфіды, хларыды і інш.). У прыродзе металы знаходзяцца ў акісленым стане (у выглядзе рудаў). Акісленне металаў і іх сплаваў — аснова карозіі. У металургіі акісленне метелаў прыводзіць да ўтварэння акаліны, страты каштоўных легіравальных элементаў і жалеза. У некат. выпадках акісленне металаў выкарыстоўваецца з ахоўнымі ці дэкар. мэтамі (гл. Аксідаванне).

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)